ПАЭТ-ФРАНТАВІК
ЛЕАНІД ГАЎРЫЛАЎ
Ціхі Сож. Валавяны воды.
Бурштынее зара ў берагах.
Дзесь глухія гудкі параходаў
Аблятаюць разліўны размах.
Як у люстры, густою сцяною
Кучаравіцца лес у вадзе,
Абярнуўшыся ўніз галавою,
К водам пільнае вуха кладзе.
1935г. Л. Гаўрылаў
Яго імя выбіта на мармуровай дошцы ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі сярод імёнаў воінаў-пісьменнікаў, што не вярнуліся з палёў Вялікай Айчыннай вайны. Яго імя сярод імёнаў, тых хто горача любіў сваю Радзіму, хто апяваў яе, шанаваў, як родную маці. А калі настала ліхая гадзіна – стаў грудзьмі, каб захінуць свой край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пра кароткае, але яркае жыццё паэта-франтавіка Леаніда Гаўрылава, пра яго паэзію наш аповед.
Біяграфія Леаніда Гаўрылава надзвычай цікавая, плённая і да болю трагічная. Ціхая вёсачка Бердыж, што на беразе Сожа, у Чачэрскім раёне, узрасціла паэта-юнака.
Цішыня над полем і над лесам,
І на хаты пала цішыня.
Сінім небам – месячык бялесы,
Сінім небам – грэе вышыня.
І плыве, як грэчкі пах мядовы,
І плыве, як васільковы пах,
Ціхі смутак зеленагаловы
Па вачах любімых, па губах.
Наш рубеж акованы гранітам
І напят, як тонкая струна.
Ды спрабуй струну тую крані ты –
Адзавецца гукам перуна.
А пакуль спакойны зараніцы,
П’юць расу палеткі на зары, -
Сцерагуць свяшчэнную граніцу
Усе таварышы, усе мае сябры!
Вось таму над лугам, над садамі
І на воды пала цішыня,
І дарог мядзянымі слядамі
Пабрыла нямая даўжыня.
Нарадзіўся ён у сям’і малазямельнага селяніна ў 1918 годзе. У пошуках заробку бацька, пасля нараджэння сына, падаецца ў Чачэрск, Добруш, а потым у Гомель, дзе перад вайной сям’я асталявалася для жыхарства на торфзаводзе “Давыдаўка” (каля Гомеля). Там бацька працаваў майстрам.
Нязломна дужасць напятых рамён,
І студні вачэй палымнеюць агнём.
Свісціцца там крыўды нязмернае жар,
І помсты пісягі на тварах ляжаць.
Імкне наструнованы спеў нацянькі,
Што з панскае ласкі яны парабкі.
Уголас ім пушча ўскіпвае варам,
Мяцёлкамі хвояў змятаючы хмары.
А вочы бліскучыя з прагнасцю сочаць,
Як ззяе пажару рабіннага почат.
Плывуць асначы ў напружаным чаканні –
Не век жа, не век жа ім быць парабкамі.
Пад змрочным крылом учарнелае ночы
Свіціцца пажару рабіннага почат.
Здыбаюцца станы цыбатых ракіт,
Ад сполаху хвалі імкнуць на пяскі.
Агнём сіняватым палаюць карчы,
На Нёмне пяюць парабкі-асначы.
1931г.
Неадукаваныя бацькі радаваліся, што ў іх расце здольны, дапытлівы хлопчык.
МАЛАДЗІК
Спавіты тугою
У пасмах журбы
Сухі маладзік
На галінках вярбы
Павіс над гарою,
А потым і знік.
Журылася матка,
Туманіўся змрок
І зоры слязамі
Мігцелі здалёк.
Шаптаў ёй здагадку
Шырокі разліў:
– Шмат хваль уцякае,
Іх чуе вярба,
Не ведае іх
Ні вайна, ні журба,
Ім смех нецікавы,
І плач не для іх.
Шмат хваль уцякае
У прасторную сінь,
Іх толькі адных
Папытаеш:
– Дзе сын?..
Ды доля цяжкая,
Ці скажуць яны?
1935г.
Лёня шмат чытае, а пасля заканчэння школы паступае ў Мінскі інстытут народнай гаспадаркі. Час вучобы ў інстытуце – характэрны перыяд станаўлення юнака-паэта. Леанід стаў перад выбарам: ці працягваць вучобу далей у інстытуце народнай гаспадаркі, ці набыць прафесію, блізкую да літаратуры, бо ў гэты перыяд піша шмат вершаў. Першыя творы аўтара друкуюцца ў календарным зборніку “Аднагодкі”, у газетах “Гомельская праўда” і “Літаратура і мастацтва”, а пазней – у часопісе “Полымя рэвалюцыі”.
У 1936 годзе юнак пераходзіць вучыцца на літаратурны факультэт Гомельскага педінстытута. Вакол яго заўсёды збіралася групка аматараў паэзіі. Маладыя людзі чытаюць на памяць вершы Пушкіна і Байрана, Шаўчэнкі і Купалы, Блока і Багрыцкага.
Ён любіў усякую працу – ці прачытаць лекцыю для школьнікаў, ці пайсці на суботнік па азеляненні горада, ці дапамагчы арганізаваць калгасу бібліятэку. У літаратурным гуртку, які нейкі час працаваў у Гомелі пры бібліятэцы імя Герцэна, ён таксама становіцца першым ініцыятарам цікавых спраў. Закончыў паспяхова педінстытут і стаў настаўнікам Лучнікоўскай сярэдняй школы Слуцкага раёна.
АРЛЁНАК
Як вечар барвовыя промні
На вусны твае пакладзе, –
Узрушана, страсна, няроўна
Запросіцца сэрца з грудзей.
Ні ў кога вачэй такіх сініх,
Глыбокіх і шчырых такіх
Не бачыў я.
Мы з табой сына
Прадбачым у марах сваіх.
Не ўмеючы, голасам тонкім
Я ў лад нашым думкам пяю,
Я песню пяю пра арлёнка,
Любімую песню тваю.
– Арлёнак, арлёнак…
І сніцца
Шырокага стэпу кавыль.
Міжволі апусціш расніцы,
Баёў прыгадаючы быль.
Арлёнак, арлёнак…
І сніцца:
Над пожнямі месяц плыве,
Шумяць у калінах крыніцы,
Радзімыя месцы твае.
У туманах, у замеці, у дыме
Ты, свой пачынаючы шлях.
Басонаж мяжамі крутымі
Па чорным пажарышчы йшла.
Арлёнак над полем высока
У быстрым палёце кружыў,
І сонца паліла навокал,
І свет залаціўся і жыў.
А ты йшла малой, сіратою,
Кусаючы губы, у слязах…
Ты стала харошай дачкою
Атрада байцоў-партызан.
І скрозь несціхана ты пела
Нямудрую песню сваю.
…У тваіх мазалях агрубелых
Я ласку тваю пазнаю.
Як вечар гарачыя промні
На вусны твае пакладзе, –
Узрушана, страсна, няроўна
Запросіцца сэрца з грудзей.
Я ўпэўнен: і нівам, і травам
Цвітучым багаццем расці.
Арлёнак – наш сын кучаравы –
Наследуе іх у жыцці.
1939г.
У сваёй кнізе вядомы паэт Кастусь Кірэенка піша пра сябра “Гэта было ў Мінску… І вось ён выступае – вельмі саромны юнак, нават крыху спалоханы… Тры гады студэнтамі мы жылі ў адным пакойчыку, дзялілі студэнцкія радасці і няўдачы. За адным сталом здавалі дзяржаўныя экзамены, амаль разам адыходзілі ў армію”…
Леанід Гаўрылаў вельмі настойліва рыхтаваў сябе да ўступлення ў жыццё. Яго адзінаю марай было як мага прыгажэй і карысней аддаць свае сілы і здольнасці на служэнне савецкаму народу. “Паэтам можаш ты не быць, але грамадзянінам быць абавязан” – стаяў надпіс у сшытку з яго вершамі. У студэнцкім калектыве ён быў сапраўдным важаком.
І не дзіва, што ў арміі ён стаў любімым сябрам байцоў, а яго вершы, прасякнутыя ўпэўненасцю маладосці, карысталіся немалым поспехам.
Наш рубеж акованы гранітам
І напят, як тонкая струна.
Ды спрабуй струну тую крані ты –
Адзавецца гукам перуна.
Леаніду Гаўрылаву ішоў дваццаць трэці юнацкі год, калі загрымела кананада лютага фашысцкага нападу. На роднай зямлі Беларусі, у баях за свабоду і шчасце Радзімы, за дарагія вёсны і любую паэзію, за красу ўсяго жывога свету паэт Леанід Гаўрылаў адным з першых аддаў сваё маладое жыццё.
Якою была б яго паэзія сёння, калі б варожыя бомбы не спынілі яе шлях на самым пачатку – тады, калі яна толькі спрабавала прыслухоўвацца да самой сябе?
Можна не сумнявацца, што Леанід Гаўрылаў стаяў бы ў шэрагах лепшых змагароў за хараство і славу беларускага паэтычнага слова.
Леанід Гаўрылаў многа думаў аб паэзіі, сур’ёзна і аддана рыхтаваў сябе ў вялікую ганаровую дарогу паэтычнага служэння Радзіме.
Паэту
У пошуках слоў
глыбіні пачуццёвай,
Каб выказаць шчырыя
думкі свае, –
Я часта хвалююся
ў віры жыццевым,
А поўнасці цэльнай
ніяк не стае.
І зараз я слоў
не знайду ў хваляванні,
Сказаць вам ад сэрца,
па-простаму так,
Каб вы адчувалі
маё прывітанне,
Як вашу спагаду
шануе юнак.
Мо я не паэт, –
хараством славасека
Не ўмею за выдумкай
плюшчыць павек.
Я бачу ў паэце, у вас,
чалавека
І хачу сказаць гэта
як чалавек.
Прабачце нязграбнасці
гэтага верша
Пяру маладых
уласціны яны,
Радкі мае –
кволыя водпрыскі першай
Зялёнай маей
паэтычнай вясны.
Мне помніцца першая
наша сустрэча.
А гэта зусім так
нядаўна было.
Я гэтак наіўна
і так недарэчы
Прыехаў сюды,
занядбаўшы сяло.
І ваша адна
чалавечая чуласць
Жывіла, вяла,
акрыляла мяне!
Па-гэтаму зараз
так шчыра хачу я
Узнесці яе
за вясну
па вясне!
1935 г.
Вытрымка з дзённіка паэта Леаніда Гаўрылава аб паэзіі і прызнанні паэта, паводле запісаў беларускага паэта Кастуся Кірэенкі:
“…Аж да самай смерці, да самага скону жыцця, паэт, як малое дзіця, ловіць усё новыя гукі, вучыцца гаварыць (але ніколі не здолее дагаварыць усё тое, што яму хацелася б сказаць), увесь час наогул чаму-небудзь вучыцца, з кожным часам змяняецца ў сабе, бо расце і рухаецца”.
“ Трэба, каб кожны верш значыў штосьці сам сабой… Цяпер я буду пісаць адзін , абдумваючы і апрацоўваючы яго, датуль, пакуль ён не будзе беззаганны і магчыма яго надрукаванне. Друкаваць-то пакуль што я не збіраюся, але мне трэба, каб мае вершы выходзілі не горшымі за друкуемые вершы маіх “сверстников”.
“Хай самым аўтарытэтнейшым маім крытыкам і папраўшчыкам будзе само жыццё. Хай ад гэтага мне можа быць больш адчувальна балюча, але не зламлюся… Толькі быць верным свайму пачуццю, самому сабе!”
“Твор, напісаны паэтам, – яшчэ не значыць, што ён існуе. Твор, надрукаваны ў газеце, у часопісе, у кнізе і інш., – яшчэ таксама не значыць, што ён існуе. Існуе той твор, які чытаюць, і чытаюць не асобныя людзі, а шырокія масы народу, жыве той твор, які ўспрыняты народам, як арганічна ўласнае тварэнне, які пашыраецца з вуснаў у вусны і передаецца, пераходзіць па спадчыне з пакалення ў пакаленне… Паэт не той, каторы сам пяе нават і добра, а той, песні якога пяе народ, пяюць часы…”
Гэтыя выказванні Леаніда Гаўрылава настолькі ясныя, што іх не трэба растлумачваць нават для тых, хто шукае ў паэзіі толькі спосаб паказаць сваю “шыкоўную паходку”.
Але не магу не падкрэсліць, што Леаніду Гаўрылаву было ўсяго 18 год, калі ён запісаў у дзённіку свае такія глыбокія думкі аб няпростай місіі паэта.
І яшчэ хочацца сказаць: няхай жыве такое служэнне паэзіі, якое не раздзяляе, а шчыльна яднае сэрцы песняроў, і няхай будзе неўміручай такая дружба, якая не баіцца самых цяжкіх выпрабаванняў!
Пачалася Вялікая Айчынная вайна, на жаль, час не захаваў многіх пісьмаў паэта родным і блізкім. “Мама, я хутка вярнуся, мы ўсе будзем разам”… Гэта радкі з апошняга пісьма паэта.
Ёсць звесткі, што Н-ская танкавая дывізія незадоўга да пачатку вайны выконвала ваенны марш, напісаны на словы Леаніда Гаўрылава. Словы гэтага марша гучалі ў баях, якія прынялі танкісты. На полі бою спыніла сваю хаду сэрца паэта. Але засталіся яго шчырыя, чыстыя вершы…
Гэтае маладое жыццё абарвалося раптоўна. У 1941 ў баі за родную зямлю. На жаль, невядомы падрабязнасці апошняга бою пад Слонімам, што прыняў танкавы полк, у якім служыў Леанід Гаўрылаў механікам-вадзіцелем баявой машыны. Але нам вядома: 23-гадовы паэт загінуў смерцю мужных. Ён да канца выконваў свой абавязак: да апошняй кроплі крыві змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Праз вогненныя гады ліхалецця і гора пранесла маці, хаваючы пад зрэбнай кашуляй каля самага сэрца лісткі, спісаныя ў студэнцкія гады рукою сына.
З успамінаў сястры Валянціны: “У час вайны маці закапала скрынку з сшыткамі сына. У адной з іх былі вершы, у другой дзеннік, куды ён пісаў уражанні аб прачытанных кнігах”.
Паэт загінуў у першыя дні вайны. У школе №150 г. Мінска быў створаны музей, які прысвечаны пісьменнікам Беларусі, загінуўшым на франтах вайны. На жаль, пад час перабудовы частка экспазіцыі музея была страчана. Там захоўваліся Лёніны сшыткі: у адным – вершы, у другім – дзеннік.
Пасля вайны сябры паэта сабралі творы Леаніда Гаўрылава: выдалі кніжку “Вернасць”.
Памяць аб гераічным мінулым мае дзіўную ўладу над намі. Яна хвалюе: будзе заўсёды з намі, як і вершы паэта-франтавіка.